ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ПЕРАДАВА́ЛЬНАЯ КА́МЕРА,

тэлекамера, оптаэлектронны апарат для пераўтварэння аптычнага відарыса аб’екта ў эл. сігнал (гл. Відэасігнал), які можна перадаваць на адлегласць. Адрозніваюць Т.п.к. для тэлевізійнага вяшчання (студыйныя, пазастудыйныя, дыктарскія і інш.), падводнага тэлебачання і прыкладнога тэлебачання, чорна-белага і каляровага тэлебачання. Асн. элемент Т.п.к. — перадавальная тэлевізійная трубка (у каляровых камерах 3—4 трубкі, у бытавых і паўпрафесіянальных — 2 ці 1) ці ПЗС матрыца). Камера таксама мае аб’ектыў, відэаўзмацняльнік, генератары тэлевізійных разгортак, вяшчальныя Т.п.к. — дадаткова электронны відашукальнік на кінескопе ці вадкакрышталічным індыкатары для назірання і кантролю межаў відарыса аб’екта. Гл. таксама Камкордэр.

Лічбавая тэлевізійная перадавальная камера Ікегамі HL-59.

т. 16, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)